/ / Общественно-политические
29.12.2017

Намеснік Міністра эканомікі Дзмітрый Матусевіч расказаў аб рэформах, якія праводзяцца ў сферы прадпрымальніцкай дзейнасці

У нашай краіне планамерна праводзяцца рэформы ва ўсіх сферах прадпрымальніцкай дзейнасці, у тым ліку з улікам рэкамендацый Сусветнага банка і станоўчага вопыту замежных краін. Аб гэтым расказаў намеснік Міністра эканомікі Дзмітрый Матусевіч па выніках прэс-тура ў Віцебскую вобласць, у якім прыняў удзел і карэспандэнт «Звязды».

Рэйтынгі плюсуюць

Вынік гэтых рэформаў – станоўчыя паказчыкі сусветных рэйтынгаў. Так, за дванаццаць гадоў удзелу ў даследаванні Сусветнага банка «Вядзенне бізнесу» Беларусь увайшла ў першую чацвёрку найлепшых сусветных практык, заняўшы ў апошняй справаздачы 38-е месца сярод 190 краін свету. Айчыннае вядзенне бізнесу наблізілася да лідара даследавання і атрымала па гэтым паказчыку 75,06 бала са 100 магчымых. Разрыў паміж дасягненнямі краіны і перадавой мяжой, разлічанай на аснове найлепшых паказчыкаў па ўсіх краінах, складае 24,94 бала. Наша дзяржава прызнана адным з вядучых у свеце рэфарматараў і займае пятае месца сярод усіх краін па колькасці праведзеных рэформаў ва ўсіх сферах прадпрымальніцкай дзейнасці (згодна з апублікаванымі Сусветным банкам звесткамі з 2005 года ў краіне праведзена 37 рэформаў).

Дзейнасць і падтрымка

Больш як чвэрць валавой дабаўленай вартасці ў краіне ствараецца суб'ектамі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва (МСП). За мінулы год індывідуальнымі прадпрымальнікамі дадаткова прыцягнута да занятасці ў эканоміцы 46,9 тысячы чалавек. Вядома, што малы і сярэдні бізнес размеркаваны па рэгіёнах краіны нераўнамерна. Дастаткова высокая яго канцэнтрацыя назіраецца ў сталіцы (37,9% ад МСП і 30,2% ад ліку індывідуальных прадпрымальнікаў) і Мінскай вобласці (19,1% і 15,4% адпаведна).

Дзмітрый Матусевіч адзначыў, што ў чатыры разы з 2011 года ўзрасла колькасць людзей, якія выказалі жаданне займацца самастойнай рамесніцкай дзейнасцю. Больш за 75% рамеснікаў засяроджана ў рэгіёнах, чым значна забяспечваецца самазанятасць насельніцтва.

На 1 кастрычніка 2017 года ў Беларусі дзейнічае сетка суб'ектаў інфраструктуры падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, якая складаецца з 93 цэнтраў і 24 інкубатараў. Рэалізуюцца праграмы фінансавай падтрымкі МСП. Траціна ад усіх крэдытаў, выдадзеных у студзені – верасні 2017 года суб'ектам гаспадарання, дадзена малому і сярэдняму бізнесу. Банк развіцця ў студзені-верасні прафінансаваў 515 інвестыцыйных праектаў (у тым ліку 137 праектаў у рамках прадукту «Падтрымка рэгіёнаў і жаночага прадпрымальніцтва», 100 праектаў у рамках прадукту «Падтрымка прадпрыемстваў-экспарцёраў», 75 стартап-кампаній). Агульны аб'ём фінансавай падтрымкі, аказанай Беларускім фондам фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў, склаў 734,9 тысячы рублёў. Са сродкаў мясцовых бюджэтаў дзяржаўная фінансавая падтрымка аказана ў памеры 2,78 млн рублёў.

Акрамя таго, выдзелена грашовая дапамога дзевяці суб'ектам інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва на суму 237 тысяч рублёў.

Гарантыя вяртання крэдытаў

«Мы працуем над пытаннем стварэння гарантыйных фондаў – дзяржаўных або прыватных. Яны павінны дапамагаць прыцягваць крэдыты невялікім прадпрыемствам, у якіх няма залогавага забеспячэння. Цяпер распрацоўваем заканадаўчую базу, вызначаемся з крыніцамі фінансавання», – адзначыў Дзмітрый Матусевіч. Таксама ён расказаў аб некаторых фінансавых праграмах, якія дзейнічаюць ці плануюцца да рэалізацыі для падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. «Такую работу праводзіць Беларускі фонд падтрымкі прадпрымальнікаў. На сённяшні дзень гаворка ідзе аб максімальна льготных умовах – 7% гадавых. Таксама Міністэрства эканомікі правяло работу, урад ухваліў пазыку Сусветнага банка з працэнтнымі стаўкамі для бізнесу 5-7%. Доступ да фінансавання дазваляе малому і сярэдняму бізнесу павялічыць абароты», – паведаміў намеснік Міністра.

Дзмітрый Матусевіч расказаў, што прэс-тур праводзіцца ў рамках кампаніі па шырокім інфармаванні дзяржаўных органаў, дзелавых колаў і грамадскасці аб прынятым пакеце дакументаў, накіраваных на лібералізацыю ўмоў вядзення бізнесу. «Мы выконваем даручэнне: у кожнай вобласці правядзём прэс-туры, у рамках якіх пакажам дасягненні, якія ўжо ёсць у той ці іншай вобласці ў сферы падтрымкі прадпрымальніцтва, і раскажам аб прынятых дакументах і рабоце, якая трэба, каб людзі разумелі, што дзяржава істотна змяніла падтрымку ў гэтай сферы. Аднак і да гэтага былі добрыя вынікі. Прыклад таму – інкубатар малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў Віцебску, які мы наведалі», – растлумачыў намеснік Міністра.

Тэхнапарк з перспектывай ІT-цэнтра

«Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях на днях прысвоіў нам статус тэхнапарка. Цяпер мы называемся тэхнапаркам біямедыцынскіх і інфармацыйных тэхналогій «Віцебская крэмніевая даліна», – абвясціў дырэктар інкубатара малога прадпрымальніцтва Прававой групы «Закон і парадак» Міхаіл Кейзераў. – Тэхнапарк будзе развівацца ў двух кірунках: біямедыцынскія тэхналогіі па проціпухліннай тэматыцы і ІT-тэхналогіі. Мы плануем стварыць цэнтр, які павінен стаць кропкай росту рэгіёна ў рамках пабудовы ІT-краіны».

Па яго словах, ІT-цэнтр будзе працаваць па кластарным прынцыпе. «На цяперашнім этапе мы сфарміравалі чатыры прадуктовыя кампаніі, якія працуюць у вобласці штучнага інтэлекту, машыннага навучання і тэхналогіі дапоўненай рэальнасці. І вакол іх 21 аўтсорсінгавае прадпрыемства, дзе працуюць маладыя людзі. Атрымліваецца такая схема: ІT-прадпрыемствы будуць пісаць прадукты і даваць іх на дапрацоўку на аўтсорсінг. Моладзь будзе не толькі вучыцца, але і мець пастаянны заробак», – растлумачыў дырэктар.

Біямедыцынская скіраванасць абумоўлена высокай канцэнтрацыяй навуковых і медыцынскіх кадраў у абласным цэнтры. Тут будуць размяшчацца лабараторны комплекс і спадарожныя вопытныя вытворчасці. Для гэтых мэт у 2018–2020 гадах плануецца закупіць навуковае абсталяванне калектыўнага карыстання, на якім рэзідэнты тэхнапарка змогуць праводзіць свае выпрабаванні. Пратаколы намераў аб размяшчэнні на тэрыторыі тэхнапарка ўжо падпісаныя з трыма суб'ектамі гаспадарання.

Як на практыцы працуе алгарытм падтрымкі тэхнапарка?

– Будучы прадпрымальнік прыходзіць у інкубатар як фізічная асоба на стадыі ідэі. Ідэя разбіраецца, мы яго кансультуем, а затым наш юрыдычны аддзел стварае юрыдычную асобу, – тлумачыць Міхаіл Кейзераў. – Потым сумесна праходзім стадыю рэгістрацыі і засяляем зноў створаную юрыдычную асобу на сваю тэрыторыю, падаючы офісныя і вытворчыя плошчы ў бязвыплатнае карыстанне. У гэтым заключаецца наша льгота. Суб'екты плацяць толькі камунальныя плацяжы (нідзе ў краіне больш такіх прэферэнцый не даецца). Мы вядзём справы нашых прадпрыемстваў, аказваючы поўны комплекс паслуг па прававым абслугоўванні, прававым аўдыце, падатковым кансультаванні і інш., на падставе ліцэнзіі на права аказання юрыдычных паслуг.

Тэрмін інкубіравання 3-5 гадоў. За гэты час прадпрыемства павінна вырасці, развіцца, стаць на ногі, стварыць новыя працоўныя месцы і перастаць мець патрэбу ў якой-небудзь дапамозе, а затым мы яго выпускаем у свабоднае плаванне і набіраем новых. За час нашай дзейнасці выпушчана больш за 150 прадпрыемстваў.

Налета – у Оршы

«У нас працуе сем цэнтраў падтрымкі прадпрымальніцтва: чатыры ў Віцебску, тры ў вобласці – у Оршы, Полацку, Наваполацку. І пакуль два бізнес-інкубатары, але ў наступным годзе, думаю, у Оршы ён таксама будзе», – адзначыў першы намеснік старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Алег Мацкевіч.

Ён падкрэсліў, што малое і сярэдняе прадпрымальніцтва ў Віцебскай вобласці аказвае істотны ўплыў на развіццё рэгіёна. «Тут працуе больш за 140 тысяч чалавек, 28% эканамічна актыўнага насельніцтва. Што датычыцца ролі МСП у эканоміцы вобласці, то па мінулым годзе гэта 16% выпуску тавараў, 11% аб'ёму прамысловай вытворчасці, 32% інвестыцый і 33% экспарту. Гэтыя лічбы на мове эканамістаў гавораць пра многае – можна сказаць, што гэта траціна эканомікі. Але гэта ўзровень, які характарызуе цяперашняе становішча, але які нас не задавальняе», – сказаў першы намеснік старшыні.

Паводле яго слоў, асаблівую ўвагу кіраўніцтва вобласці ўдзяляе будаўніцтву прадпрымальніцкай інфраструктуры. Па Дзяржаўнай праграме «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь» на 2016–2020 гады суб'ектам інфраструктуры падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва і суб'ектам малога прадпрымальніцтва Віцебскай вобласці з пачатку 2017 года аказана фінансавая падтрымка ў памеры 394,1 тысячы рублёў. «Таксама мы праводзім работу па маёмасці: з пачатку года добрасумленным арандатарам прадалі 17 аб'ектаў на суму 2,5 млн рублёў. Акрамя таго, мы прадалі 50 аб'ектаў невыкарыстоўваемай камунальнай уласнасці – абласной, раённай, гарадской», – адзначыў Алег Мацкевіч.

Сяргей КУРКАЧ, «Звязда», 29 снежня 2017 г.