/ / Общественно-политические
21.03.2017

Дзеянне Дэкрэта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» прыпынена, але камісію ніхто не адмяняў

Камісія, якая разглядае звароты грамадзян па вызваленні ад збору па Дэкрэце № 3, працягвае сваю работу, расказаў карэспандэнту газеты намеснік старшыні Пінскага райвыканкама Дзмітрый ПАЛХОЎСКІ. Дзеянне дэкрэта прыпынена, але камісію ніхто не адмяняў.

Яшчэ раней спісы патэнцыйных плацельшчыкаў разглядалі на пасяджэннях сельскіх выканаўчых камітэтаў з удзелам прадстаўніка райвыканкама, спецыяліста падатковых органаў, участковага міліцыянера. Да вывучэння кожнай кандыдатуры падышлі ўсебакова. Такім чынам сфарміраваўся спіс з асоб, якім было рэкамендавана звяртацца ў раённую камісію з просьбай аб вызваленні ад выплаты. «Гэта найперш людзі, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, – растлумачыў Дзмітрый Георгіевіч. – Знайшлося ў кожным сельсавеце нямала вяскоўцаў, якія вядуць, хай сабе невялікую, падсобную гаспадарку і за кошт гэтага жывуць, бо на дадзеным прамежку часу яны не змаглі ўладкавацца на працу».

Яшчэ намеснік старшыні райвыканкама звярнуў увагу на шэраг тэхнічных момантаў, якія, ён спадзяецца, будуць выпраўлены ў новай рэдакцыі дакумента. Напрыклад, адзін з жыхароў Пінскага раёна пяць гадоў таму выехаў на жыхарства ў Казахстан. У сельскім Савеце пра тое ведаюць і могуць пацвердзіць. Але падобная даведка мясцовага органа ўлады не з'яўляецца падставай для выключэння яго са спісаў. Падатковы орган гатовы разглядаць даведку з новага месца жыхарства, якую прыслаў бы сам грамадзянін. А ён не лічыць гэта патрэбным. Атрымліваецца, як кажуць праваахоўнікі, «вісяк». І такіх прыкладаў нямала.

Здараліся выпадкі, калі чалавеку літаральна не хапіла аднаго-двух дзён, каб не трапіць у спісы плацельшчыкаў. Скажам, прыйшоў хлопец з войска 28 чэрвеня, на працу не змог уладкавацца і трапіў у спісы. А яго равеснік, які дэмабілізаваўся 1 ліпеня, па зразумелых прычынах у спісах не значыцца. Вось і такія нюансы павінны быць улічаныя ў новай рэдакцыі, упэўненыя на месцах.

У сваёй рабоце камісія пастаралася максімальна ўлічыць жыццёвыя акалічнасці кожнага грамадзяніна, расказаў намеснік старшыні Драгічынскага райвыканкама Уладзімір НЕРАД. За час яе работы да членаў камісіі звярнулася каля 70 чалавек. З іх прыкладна 80 працэнтаў было часткова альбо поўнасцю вызвалена ад выплаты збору. Уладзімір Іванавіч расказаў, што на камісію ішлі ў асноўным тыя людзі, у каго сапраўды склалася цяжкая жыццёвая сітуацыя, звязаная з хваробай блізкіх альбо немагчымасцю знайсці работу. Былі выпадкі, калі людзі звярталіся другі раз. Напрыклад, першы раз камісія не знайшла падстаў для станоўчага рашэння, а калі чалавек сабраў неабходныя дакументы і прадставіў іх, такое рашэнне было прынятае.

У любым раёне ўлічваюць той факт, што грамадзянін стараецца знайсці спосабы паляпшэння свайго дабрабыту нават у неспрыяльных жыццёвых абставінах. Пра гэта зайшла гаворка ў Рэчыцкім сельскім Савеце Камянецкага раёна. Яго старшыня Наталля ШОСЦІК таксама працавала з усімі грамадзянамі, якія атрымалі паведамленне аб зборы. Спачатку людзі ішлі ў сельскі Савет з просьбай аб вызваленні ад аплаты. Тут ім тлумачылі, што рашэнне прымае раённая камісія, давалі парады і неабходныя даведкі. Наталля Іванаўна расказала, што ў іх многія вяскоўцы за сезон зарабляюць добрыя грошы на зборы грыбоў і ягад. У іхняй лясной зоне так заведзена даўно. Дык вось цяпер яна раіць людзям пры здачы дароў лесу браць даведку ў нарыхтоўчай канторы аб колькасці здадзенага. Магчыма, гэта будзе ўлічана камісіямі ў далейшым.

Святлана ЯСКЕВІЧ, «Звязда», 21 сакавіка 2017 г.