/ / Общественно-политические
08.11.2017

Як улада дапаможа развіццю прадпрымальніцтва?

Са студзеня пачне працаваць пакет дакументаў па разняволенні бізнесу. Кіраўнік дзяржавы падпісаў ужо амаль усе яго складнікі. Прычым Аляксандр Лукашэнка вельмі ўважліва падышоў да гэтай тэмы. Першая вялікая нарада – з удзелам высокіх службовых асоб, бізнесменаў, кіраўнікоў зацікаўленых грамадскіх арганізацый – прайшла яшчэ ў лютым. А ў пачатку жніўня Прэзідэнт заслухаў даклад, прысвечаны выкананню яго даручэнняў. На працягу наступных месяцаў кіраўнік краіны правёў шэраг рабочых сустрэч, падчас якіх дэтальна абмеркаваў нюансы кожнага з дакументаў па разняволенні дзелавой ініцыятывы.

Бизнес

Карысць для дзяржавы і грамадства

Кіраўнік дзяржавы ў першую чаргу патрабаваў ліквідаваць усе непатрэбныя адміністрацыйныя бар'еры і працэдуры, якія перашкаджаюць рабоце бізнесу. У той жа час дакументы па разняволенні бізнес-ініцыятывы павінны ў поўнай меры адпавядаць інтарэсам дзяржавы. «Скажу проста па-чалавечы, як чалавек дзяржаўны: ад любых нашых з вамі сумесных дзеянняў – маіх, як прадстаўніка ўлады, і вашых, як прадстаўнікоў бізнесу, – павінен быць нейкі эфект для дзяржавы і для бізнесу, – заявіў на нарадзе ў пачатку жніўня Аляксандр Лукашэнка. – Гульня ў адны вароты непрымальная».

Ключавым у названым пакеце дакументаў з'яўляецца Дэкрэт Прэзідэнта «Аб развіцці прадпрымальніцтва і выключэнні лішніх патрабаванняў, што прад'яўляюцца бізнесу». Ён прадугледжвае кардынальнае змяненне механізмаў узаемадзеяння дзяржавы і бізнесу.

Дакумент мінімізуе ўмяшанне дзяржавы ў работу суб'ектаў гаспадарання, умацоўвае механізмы самарэгулявання бізнесу і яго адказнасць за сваю дзейнасць перад грамадствам. Вызначаны шэраг падыходаў, на аснове якіх будзе працаваць дакумент.

Па-першае, гэта паведамляльны парадак здзяйснення асобных, найбольш распаўсюджаных відаў эканамічнай дзейнасці. Іх пералік вызначае Дэкрэт. У гэты шэраг уключаны бытавыя, турыстычныя, сацыяльныя паслугі, дзейнасць у сферы гандлю і грамадскага харчавання, перавозкі пасажыраў і багажу, вытворчасць прадукцыі, будматэрыялаў... Для таго каб займацца згаданымі відамі дзейнасці, дастаткова будзе падаць адно паведамленне ў выканкам праз службу «адно акно» або з дапамогай адзінага партала электронных паслуг. На наступны дзень можна будзе смела здзяйсняць заяўлены від эканамічнай дзейнасці.

Па-другое, гэта замацаванне адзіных патрабаванняў пажарнай бяспекі, санітарна-эпідэміялагічных умоў, патрабаванняў у галіне аховы навакольнага асяроддзя і патрабаванняў у сферы ветэрынарыі да ўтрымання і эксплуатацыі капітальных будынкаў. Гэтыя патрабаванні максімальна сістэматызаваны і скарочаны. З дзеючых сёння 586 пунктаў правілаў пажарнай бяспекі, сямі дадаткаў і 13 табліц захавана толькі 58 пунктаў!

Па-трэцяе, павінны быць максімальна спрошчаны адміністрацыйныя бар'еры, звязаныя з наяўнасцю складаных і доўгатэрміновых працэдур атрымання даведак, узгадненняў і іншых відаў дазвольнай дакументацыі. Напрыклад, у сферы гандлю і грамадскага харчавання прапануецца адмовіцца ад узгаднення выканкамамі рэжыму працы гандлёвых аб'ектаў і аб'ектаў грамадскага харчавання. Выключэнне – іх праца ў начны час – з 23 да 7 гадзін раніцы.

Дэкрэт таксама прадугледжвае ўстанаўленне мараторыя на павышэнне падатковых ставак і ўвядзенне новых падаткаў, збораў (пошлін). Мяркуецца, гэта будзе садзейнічаць стабілізацыі фінансавай дзейнасці прадпрыемстваў.

Менш праверак, менш ліцэнзій

Указ Прэзідэнта «Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці» скіраваны на сістэмную аптымізацыю кантрольнай функцыі дзяржавы. Ён прадугледжвае ў першую чаргу ўвядзенне мараторыю на правядзенне ўсіх відаў праверак да 1 студзеня 2018 года. У той жа час гэта не адносіцца да праверак, што праводзяцца па даручэнні кіраўніка дзяржавы, Прэм'ер-міністра, старшыні Камітэта дзяржкантролю, Генеральнага пракурора, Міністра фінансаў і Міністра па падатках і зборах.

«Мы сапраўды павінны прыбраць усё лішняе, што перашкаджае рабоце людзей, прадпрыемстваў, але кантроль павінен заставацца», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка падчас абмеркавання праекта Указа.

Дакумент прадугледжвае таксама адыход ад сістэмы планавых праверак, у рамках якой наведаць суб'ект гаспадарання можна нават пры адсутнасці на ім парушэнняў. Акрамя гэтага, кантралёр не можа выносіць прадпісанне аб прыпыненні дзейнасці правяраемага суб'екта гаспадарання – толькі адпаведныя рэкамендацыі. Улічваць іх ці не – вырашае ўласнік.

«Мы таксама дамаўляліся пра тое, што правяраць будзем толькі тады, калі ўзбуджана крымінальная справа. У нас зараз практыка такая: з'явіліся нейкія матэрыялы, яшчэ да крымінальнай справы ідуць праверачныя мерапрыемствы праваахоўных органаў, яны звяртаюцца да вас з даручэннямі, просьбамі – маўляў, давайце будзем правяраць гэты суб'ект гаспадарання. Не. Узбудзілі крымінальную справу – яна ўжо на кантролі – вось тады і правярайце. Тады можна пракантраляваць работу і праваахоўных органаў, і работу кантралёра», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Указ Прэзідэнта «Аб змяненні ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» датычыцца ўдасканалення парадку ліцэнзавання. Дакумент прадугледжвае, што ліцэнзаванне патрэбна толькі ў мэтах абароны дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў, навакольнага асяроддзя, жыцця, здароўя, правоў і законных інтарэсаў грамадзян. Са студзеня мы адмовімся ад ліцэнзавання дзейнасці па аказанні псіхалагічнай дапамогі, паліграфічнай, звязанай з кантролем за радыеактыўным забруджваннем, рознічнага гандлю алкагольнымі напоямі і тытунёвымі вырабамі, а таксама дзейнасці па аказанні юрыдычных паслуг (выключэнне — рыэлтарская дзейнасць).

Да арганізацыі – саіскальніка ліцэнзіі – змяншаецца колькасць патрабаванняў, а з 1 ліпеня 2018 года адбудзецца пераход на электронны фармат выдачы ліцэнзій.

Без карупцыйнай спакусы

Не абышлося без карэкціроўкі заканадаўства і ў падатковай сферы. Гэтаму прысвечаны Указ Прэзідэнта «Аб падатковым кансультаванні ў Рэспубліцы Беларусь». Дакумент накіраваны на ўкараненне прафесійнага інстытута пасрэднікаў паміж бізнесам і падатковымі органамі. Такім чынам, замацоўваецца прававы статус падатковага кансультанта і ўстанаўліваецца парадак яго набыцця. Так, фізічная асоба мае права займацца кансультаваннем пасля здачы кваліфікацыйнага экзамену ў Міністэрстве па падатках і зборах і атрымання атэстата падатковага кансультанта, які дзейнічае бестэрмінова.

Падчас падрыхтоўкі гэтага дакумента кіраўнік дзяржавы выказаў наступнае пажаданне міністру па падатках і зборах Сяргею Налівайку: «Хацелася б, каб вы асаблівую ўвагу звярнулі на экспертызу карупцыйнасці гэтага закона. Што мяне насцярожвае: у нас ёсць падатковая інспекцыя, якая так ці інакш нешта падказвае, кансультуе, калі некаму незразумела... Каб мы не легалізавалі платную дзейнасць вашых падначаленых: яны будуць браць грошы, а пасля забудуць, што яны – людзі дзяржаўныя. Трэба на дзяржаву працаваць, а яны пойдуць за грошы кансультаваць, а яшчэ і прасоўваць некага».

З памяшканнямі праблем не будзе?

Пра Указ Прэзідэнта «Аб стварэнні ўмоў для развіцця гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання насельніцтва» мы ўжо пісалі падрабязна. Акцэнт там – на развіццё прадпрымальніцтва ў сельскай мясцовасці.

А вось Указ Прэзідэнта «Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб» скіраваны ў першую чаргу на развіццё самазанятасці грамадзян. Ён пашырае шэраг відаў эканамічнай дзейнасці, якія не з'яўляюцца прадпрымальніцтвам і якімі людзі могуць займацца пры ўмове выплаты адзінага падатку. У гэты шэраг прапануецца ўключыць работы па рамонце гадзіннікаў і абутку, зборцы і аднаўленні хатняй мэблі, розныя віды аддзелачных работ, распіл дроў, пагрузку грузаў, пашыў адзення...

Прыкладна гэтаму ж прысвечаны Указ Прэзідэнта, які датычыцца развіцця рамесніцкай дзейнасці. Ён прадугледжвае пашырэнне спіса відаў рамесніцкай дзейнасці, а таксама месцаў і спосабаў яе рэалізацыі. Таксама ўстанаўліваецца магчымасць перадачы невыкарыстоўваемай маёмасці, што знаходзіцца ў рэспубліканскай або камунальнай уласнасці, у бязвыплатнае карыстанне рамеснікам. У гэтым ключы Аляксандр Лукашэнка заўважыў Міністру эканомікі Уладзіміру Зіноўскаму: «Мяне насцярожвае, калі вы вось так свабодна імкняцеся за нейкую адну базавую велічыню дзяржаўную ўласнасць некаму перадаць – нібыта ў нас ёсць праблемы з прыняццем падобных рашэнняў. Думаю, нам нельга разбазарваць дзяржаўную ўласнасць. Трэба вельмі акуратна ставіцца да прыватызацыі – гэта фактычна прыватызацыя – дзяржаўнай уласнасці. І нельга яе дзяліць на дарагую, танную, вялікую, малую – гэта створана народам, і тут нам трэба быць вельмі акуратнымі і асцярожнымі».

Яшчэ адзін дакумент пакета па лібералізацыі бізнесу датычыцца развіцця аграэкатурызму. Самае істотнае яго новаўвядзенне – прадастаўленне суб'ектам аграэкатурызму права аказваць шэраг дадатковых паслуг у сферы аграэкатурызму, у тым ліку праводзіць вяселлі, банкеты і юбілеі.

Адказнасць непазбежная, але справядлівая

Асобны заканадаўчы акт рэгулюе дзейнасць Савета па развіцці прадпрымальніцтва ў нашай дзяржаве. А праект Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях» ліквідуе адміністрацыйную адказнасць суб'ектаў гаспадарання за малазначныя дзеянні і фармальныя памылкі. Акрамя гэтага, зніжаецца памер маёмасных спагнанняў за здзяйсненне шэрагу эканамічных правапарушэнняў.

Вадзім Іпатаў, дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, расказаў, што прыняцце названага законапраекта, які ён абараняў перад кіраўніком дзяржавы, сыграе станоўчую ролю ў паляпшэнні бізнес-клімату ў краіне. «Прэзідэнт падкрэсліў важнасць гэтага дакумента і вызначыў асноўны пасыл, які павінен выконвацца пры далейшай рабоце са згаданым праектам. Гэта баланс інтарэсаў дзяржавы і грамадства. Значыць, адміністрацыйная адказнасць павінна быць жорсткай, непазбежнай, але справядлівай», – упэўнены Вадзім Іпатаў.

Надзея ЮШКЕВІЧ, «Звязда», 8 лістапада 2017 г.