/ / Общественно-политические
15.03.2018

Пяць месяцаў «катаргі»: Выбіраць аўташколу трэба з не меншай адказнасцю, чым мужа ці жонку

Гэтым летам я з чыстым сумленнем зняла знак «70» з задняй шыбы сваёй «Стэпачкі» (так мая свякроў назвала нашу Renault Sandero Stepway). Два гады з моманту атрымання запаветнага пасведчання кіроўцы праляцелі незаўважна. Але тыя амаль восем месяцаў (навучанне ў аўташколе замест трох месяцаў расцягнулася да пяці) пакутлівага шляху да мары я, відаць, буду памятаць да канца жыцця.

Автошкола

Выбіраць аўташколу трэба, як мужа (жонку). З не меншай адказнасцю. Цяпер я гэта ведаю дакладна. З выбарам аўташколы могуць дапамагчы водгукі на форумах і іх рэйтынгі на падставе каэфіцыента здач і няздач.

Але, калі шчыра, аўташколу я зусім не выбірала. Падала дакументы ў першую сустрэчную. Па-першае, яна была за пяць хвілін хадзьбы ад працы (праўда, на практычныя заняткі даводзілася дабірацца значна далей. Таму пры выбары аўташколы раю звярнуць увагу і на размяшчэнне аўтадрома). Па-другое, навучанне там каштавала крыху танней, чым у сярэднім па горадзе. У выніку на ўласнай скуры зразумела сутнасць прыказкі: «Скупы плаціць двойчы». Бо пасля таго як з другой спробы ў мяне не атрымалася здаць «пляцоўку» ў ДАІ, давялося браць дадатковыя заняткі. За адну гадзіну кіравання па горадзе інструктар браў два гады таму рублёў 30 (зараз, калі верыць шматлікім прапановам на сайтах, сітуацыя асабліва не змянілася).

Абвестак пра дадатковыя заняткі з інструктарамі-прыватнікамі хапае. Але я з уласнага досведу раю кіравацца метадам «сарафаннага радыё» (бо я засталася незадаволенай заняткамі інструктара, якога знайшла па аб'яве ў інтэрнэце, у выніку выкінула 30 рублёў на вецер). Сяброўка мне параіла прафесіянала, дзякуючы якому яна здала іспыт у ДАІ з першага разу. У выніку пасля трох заняткаў з ім я таксама без праблем здала і «пляцоўку», і «горад». Прасіце інструктара, каб за дзень да іспыту праехаўся з вамі хоць бы па самых асноўных маршрутах ДАІ, пры гэтым звяртайце ўвагу на знакі.

Вельмі важна здаваць экзамен у ДАІ на машыне, на якой вы хоць бы раз ездзілі. Гэта палова поспеху. Бо калі я пайшла здаваць «пляцоўку» другі раз, то вельмі хвалявалася. Хвілін трыццаць прапускала ўсіх. У выніку ў адчаі села за руль вялізнага чорнага джыпа, на якім пасля сваіх школьных «Жыгулёў» нават на эстакаду не змагла заехаць. Можна было, вядома, дамовіцца са сваёй аўташколай, каб далі машынку для паўторнай здачы (каштуе амаль 25 рублёў). Але ў мяне, калі шчыра, ну зусім не было жадання яшчэ раз бачыць свайго інструктара.

З імі, мяркуючы па расказах знаёмых, не шанцуе многім. Мне ж не пашанцавала ўдвая. Як з інструктарам, так і з выкладчыкам тэорыі. Апошні, замест таго каб тлумачыць і прыводзіць прыклады, проста чытаў нам уголас Правілы дарожнага руху з кніжачкі. У выніку тэорыю з нашай групы здалі чатыры чалавекі. Меня выратавалі прывітая з дзяцінства ўседлівасць і «сіндром выдатніцы».

Вельмі важны момант: калі сядзеце за камп'ютар, ні ў якім разе не абарочвайцеся і не глядзіце па баках. Казалі, што быў выпадак, калі адзін мужчына аклікнуў свайго суседа. Той толькі паспеў павярнуць галаву, як абодвух выгналі з класа і паставілі няздачу. У выніку справа скончылася... бойкай, ледзь разнялі тых курсантаў.

Анекдот у тэму

Жанчына пайшла вучыцца ў аўташколу. Інструктар мала таго, што пастаянна падкручваў руль, дык яшчэ і тармазіў за яе. Неяк раз ён вырашыў правучыць курсантку. Маўляў, не буду тармазіць. Няхай ужо сама. Пад'язджаюць да перакрыжавання. Ён разумее, што зараз будзе аварыя. І што ёсць моцы націскае на педаль тормазу. Глядзіць на курсантку: «Чаму ты не тармазіла?»«Ды не ведаю, раней машына неяк сама спынялася».

Інструктар – гэта асобная гісторыя. Пачалося ўсё з таго, што на першых занятках ён сказаў мне расчышчаць аўтадром ад снегу, а сам у гэты час сядзеў у машыне і запаўняў дакументы. На шчасце, да наступных заняткаў снег растаў і мне не прыйшлося даказваць, што я гэтага не павінна рабіць. Ніколі не забудуся, як мы ўпершыню выехалі ў горад. Я адразу ж зрабіла нейкую памылку. І што тут пачалося! Мой інструктар павышаным голасам запатрабаваў, каб я выходзіла з машыны. Маўляў, занятак завершаны. Пры гэтым абражаў: «Ды такіх, як ты, наогул нельга выпускаць на дарогу». Намякаючы, што самы час, пакуль не позна, забраць дакументы. (Аказваецца, адну жанчыну гадоў 50 з нашай групы ён выжыў сваімі непедагагічнымі метадамі.) Я, вядома, не выйшла з машыны. Пасля гэтага здарэння адмовілася распісвацца ў яго журнале перад заняткамі.

Знаёмыя раілі мне напісаць заяву, каб памяняць інструктара. Але ў той аўташколе іх было ўсяго тры. І мой аказаўся не самым горшым. Бо адзін курыў у салоне машыны, што для мяне наогул было непрымальна, другі – гоншчык – якраз у той час трапіў у ДТЗ, і яго машына доўга была ў рамонце.

Хоць, калі шчыра, і мая вішнёвая «дзявятка» аказалася тым яшчэ падарункам. Рэмень бяспекі не прышпіляўся. «Накінь яго проста на сябе, калі ўбачыш даішнікаў», – казаў мне інструктар. Так я і праездзіла ўсе свае гадзіны без рэменя бяспекі. На просьбу зрабіць з гэтым што-небудзь, бо мне нязручна, інструктар не рэагаваў. Але як толькі прыйшоў час здаваць іспыт у ДАІ, той рэмень бяспекі, як па ўзмаху чарадзейнай палачкі, пачаў прышпіляцца. А аднойчы, калі мы ехалі па даволі ажыўленай вуліцы, у маіх руках застаўся рычаг пераключэння перадач. Інструктар сказаў: «Не звяртай увагі» – і ўставіў яго назад. На эстакаду амаль не пускаў. Маўляў, спаліш мне счапленне, не будзе на чым у ДАІ ехаць. Але ж як тады вучыцца? Карацей, хадзіла да яго на заняткі як на катаргу.

У маёй сястры таксама першыя заняткі замест адведзенай гадзіны доўжыліся хвілін 30 ад сілы. Калі інструктар сказаў ёй, што яна свабодная, Наташа здзівілася: «Мне дырэктар аўташколы казаў, што практычны занятак доўжыцца гадзіну». – «А ты хочаш цэлую гадзіну займацца?» – пачула ў адказ. «Ну, я ж сюды вучыцца прыйшла, як-ніяк. Грошы нават заплаціла». Пасля гэтага больш пытанняў не ўзнікала.

Варта мець смеласць давесці да нядбайнага інструктара свае сур'ёзныя намеры. А змяніць інструктара, які неадэкватна сябе паводзіць, злівае паліва, недапрацоўвае, курыць у салоне, дрэнна вучыць – законнае права навучэнца.

Што датычыцца аўташколы, то наша група нават унутраны іспыт у горадзе не здавала. Толькі «пляцоўку». І то не на сваёй машыне, бо яна зламалася. А дадатковая трэніроўка перад экзаменам у ДАІ была б не лішняй.

Перад здачай у ДАІ раю выспацца і добра выглядаць. Бо фотаздымак, які зробяць перад тэарэтычным іспытам, усе дзесяць гадоў будзе красавацца на вашым пасведчанні. Не забудзьцеся прышпіліцца і зняць ручнік пры старце. Мая сястра не змагла здаць экзамен у ДАІ з першага разу, бо... пасля таго як бездакорна выканала два элементы – «эстакаду» і «гараж», – на радасцях узяла і заглушыла машыну (а гэтага рабіць ні ў якім разе нельга!!!). Ёй сказалі прыйсці наступны раз. Было вельмі крыўдна.

Правы кіроўцы па-беларуску: прасіце — і атрымаеце. Пасля таго як вы здалі практычны экзамен у горадзе, галоўнае, не губляць кантроль над сабой ад радасці. І не забыцца сказаць інспектару ДАІ, што вы хочаце атрымаць пасведчанне кіроўцы на роднай мове. Ён зробіць на вашых дакументах пазнаку аб вашым жаданні. І ўжо праз некалькі дзён вы зможаце любавацца сваім беларускамоўным пасведчаннем.

Ну, і апошняе: першай справай, калі купіла «Стэпачку», я паставіла задні парктронік. У параўнанні з коштам машыны ён не такі і дарагі. Гэта цудоўнае прыстасаванне дапамагло мне пазбегнуць процьмы ДТЗ. Ніхто ж не вучыць у аўташколе паркавацца ў рэальных умовах. Толькі па метках на шкле. А гэта неба і зямля. Таму пасля таго як атрымаеце правы, многаму прыйдзецца вучыцца па-новаму. Прычым удасканальваць сваё майстэрства трэба ўсё жыццё. Раю глядзець ролікі на Ютубе, аналізаваць чужыя ДТЗ, каб пазбегнуць сваіх. Дарога часта карае за легкадумнасць. Кожная памылка можа стаць апошняй.

Як пазбавіцца ад страху перад машынай

Сем Парад кіроўцам-пачаткоўцам ад майстра спорту і неаднаразовага чэмпіёна Беларусі па аўтаралі, дырэктара цэнтра контраварыйнай падрыхтоўкі Сяргея Аўчыннікава.

Парада 1. Абавязкова набудзьце відэарэгістратар. Тады вы зможаце, пасля таго як прыехалі дадому, скінуць запіс на камп'ютар і прааналізаваць свае і чужыя памылкі.

Парада 2. Перш чым выязджаць з дому, паглядзіце па карце свой маршрут. Калі вы ведаеце дарогу і размяшчэнне знакаў, тады ехаць ужо не так страшна.

Парада 3. Прыходзіць да мяне на заняткі жанчына і кажа: «Я паркавалася ў двары і падрапала машыну. Гляджу – не ўпісваюся, і давай хуценька руль круціць». Машына – не месца для мітусні і рэзкіх непрадуманых рухаў. Недарэмна кажуць: цішэй едзеш – цалейшы будзеш. Крыху праехалі, націснулі на тормаз, пераканаліся, што дакладна праходзіце. Вы не павінны паспяваць за машынай. Едзьце і паркуйцеся з той хуткасцю, пры якой адчуваеце, што кантралюеце сітуацыю.

Парада 4. Пытанне ад нашай чытачкі: «Здала на правы год таму. Але магчымасць набыць машыну з'явілася толькі цяпер. Пасля такога вялікага перапынку баюся садзіцца за руль. Як пераадолець свой страх?»

Ведаеце, як я сябе прымушаў бегаць узімку? Прачынаўся раніцай. Нагу з-пад коўдры высоўваў і казаў сам сабе: «Не, я, напэўна, сёння бегаць не буду, проста апрануся ды падыхаю свежым паветрам». Выйшаў на вуліцу, стаю. «Неяк халаднавата, я, напэўна, крыху пахаджу». У выніку сам і не заўважыў, як пабег. Калі чалавек едзе, ужо не так страшна. Страшна падысці і сесці ў машыну. Трэба ўмець з сабой размаўляць. Напрыклад: «Я не паеду сёння ў цэнтр. З'езджу ў суседнюю краму па марожанае». Рухацца трэба ад простага да складанага. Скажам, большасці кіроўцаў-пачаткоўцаў страшна паварочваць налева, калі на перакрыжаванні шмат машын. Я сваім вучням заўсёды кажу: калі баіцеся – не рызыкуйце. Лепш праедзьце крыху наперад, а затым павярніце направа, направа, і яшчэ раз направа. Такім чынам, замест складанага левага павароту зробіце тры лёгкія правыя. Трэніраваць складаныя элементы раю па выхадных, калі машын практычна няма. Акрамя таго, можна пахадзіць на курсы для кіроўцаў-пачаткоўцаў. Іх плюс у тым, што навучанне праходзіць на вашай уласнай машыне.

Парада 5. Пастаянна думайце і аналізуйце. На жаль, гэтаму не вучаць у нашых аўташколах (хоць і сярод інструктараў ёсць выключэнні).

Парада 6. Не раю жанчынам, якія атрымалі правы кіроўцы, але ўсё яшчэ баяцца ездзіць, прасіць мужа выступіць у ролі інструктара. Гэта самы дрэнны варыянт у большасці выпадкаў. Як правіла, пачынаецца ўсё з таго, што яны выязджаюць на паўпустую паркоўку. Жанчына спрабуе прыпаркавацца дыяганальна. Але ў яе нічога не атрымліваецца. Муж не вытрымлівае, пачынае на яе крычаць: «Машыну мне разаб'еш. Не разумею, як ты наогул скончыла аўташколу?» Заканчваецца ўсё тым, што жанчына ў расстроеных пачуццях садзіцца на пасажырскае месца. Муж вязе яе дамоў. Вечар сапсаваны. У наступныя выхадныя ён кажа: «Дарагая, паехалі, я цябе павучу ездзіць».– «Няма часу, трэба прапыласосіць, памыць бялізну...» У галаве ў жанчыны адклаўся негатыўны досвед.

Парада 7. Прапануйце ў суботу сяброўцы ці мужу: «А паехалі сёння ў Раўбічы, пап'ём там кавы».

І вось вы едзеце ў добрай кампаніі па загараднай дарозе, свеціць сонейка. Чым больш гадзін у дзень вы атрымліваеце задавальненне за рулём, тым хутчэй знікне страх і прыйдзе ўпэўненасць.

Анекдот у тэму

Як толькі я стала ездзіць за рулём, а муж на пасажырскім сядзенні, – я дакладна зразумела, што такое «Перашкода справа».

Надзея Дрындрожык, «Звязда», 15 сакавіка 2018 г.