/ / Общественно-политические и в области права
09.11.2018

Як абараніць турыстаў ад непрафесійных экскурсаводаў

«На экскурсіі ў Будславе гіда спыталі, ці праўда, што тут ёсць нейкае свята, калі да абраза Божай Маці людзі ідуць праз касцёл на каленях. Ён са смехам: «Ну што вы, не!» А я дакладна ведаю, што гэта праўда, бо сама ўсё бачыла. Ціхенька падышла і сказала яму на вушка, што гэта за свята і якога чысла тут праходзіць, – быў вельмі незадаволены», – пакінула на форуме водгук адна з падарожніц. З некампетэнтнасцю гіда сутыкнуліся і калегі, калі са здзіўленнем пачулі, што ў ХІХ стагоддзі латынню ў Беларусі валодалі нават сяляне. «Звязда» вырашыла дэталёва разабрацца, хто можа працаваць экскурсаводам, як турысту быць упэўненым, што перад ім прафесіянал, ці ёсць у гэтай сферы «таемныя пакупнікі» і чаму складана пакараць тых, хто знаёміць са славутасцямі краіны без атэстацыі.

Путешественник

Экзамен завальвае амаль траціна прэтэндэнтаў

Атэстацыю экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў праводзіць Нацыянальнае агенцтва па турызме. Намеснік дырэктара агенцтва Алена ЛІХІМОВІЧ запэўнівае, што гэтая працэдура – не простая фармальнасць. Экзамен складаецца з дзвюх частак. Першая – камп’ютарнае тэсціраванне. Правяраецца веданне гісторыі, геаграфіі, культуры маўлення, методыкі правядзення экскурсіі, нарматыўна-прававых актаў, звязаных з будучай прафесіяй. На тэсціраванне выдзяляецца гадзіна: за гэты час з 70 пытанняў трэба правільна адказаць мінімум на 60 працэнтаў. Другі этап – абарона тэксту экскурсіі перад камісіяй. Спецыялісты задаюць прэтэндэнту пытанні, у тым ліку і агульныя, бо пры рабоце з турыстычнай групай трэба быць гатовым да ўсяго.

– Задача экскурсавода не проста вывучыць свой тэкст, але і быць усебакова развітым, – заўважае Алена Ліхімовіч.

Ахвотных трапіць у прафесію шмат (сярод іх і гісторыкі, і «тэхнары»), таму атэстацыю праводзяць кожны месяц. У сярэднім адсейваецца 30 працэнтаў прэтэндэнтаў.

– Многія элементарна не ведаюць гісторыю Беларусі, – прызнаецца намеснік дырэктара агенцтва. – Так, у нас ёсць правіла, што не трэба сыпаць датамі, бо людзі іх у вялікай колькасці не запамінаюць. Але блытацца ў стагоддзях... На нядаўняй атэстацыі была дзяўчына, якая не змагла адказаць, калі пачалася Другая сусветная вайна. А калі яе спыталі пра Першую сусветную, здзівілася: «А што, і такая была?» Рэч Паспалітая для некаторых – гэта проста Польшча, Вялікае Княства Літоўскае – Літва. Цікавішся: «Дзе ж тады была Беларусь?» – губляюцца. Многія потым спрачаюцца: маўляў, гід не павінен ведаць усю гісторыю, калі яго маршрут – Мінск. Але экскурсавод – гэта твар краіны. Мала таго, ён мусіць прытрымлівацца той ідэалогіі, якая існуе ў нас. Не спрабаваць навязаць меркаванні псеўдагісторыкаў, умець абыходзіць слізкія пытанні.

Іншая прэтэнзія да кандыдатаў – няведанне методыкі правядзення экскурсіі. «Некаторыя лічаць, што гэта вельмі лёгка: пагаварыў – і атрымаў грошы. Але гэта не лекцыя ва ўніверсітэце. Трэба расказаць пра горад і паказаць яго так, каб людзі палюбілі яго і захацелі вярнуцца. Таму экскурсавод мусіць ведаць псіхалогію і быць крыху акцёрам», – адзначае Алена Ліхімовіч.

На сёння атэставана 882 экскурсаводы. 355 з іх – мінскія. Менш за ўсё экскурсаводаў у Магілёўскай і Гомельскай абласцях – 57 і 20 адпаведна. Гідаў-перакладчыкаў у краіне 185. Праўда, у некаторых абласцях (Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай) усяго па адным спецыялісце. Большасць гідаў працуе на англійскай мове. Хапае таксама тых, хто валодае польскай, нямецкай, французскай, італьянскай і кітайскай.

– Нядаўна з’явіліся два гіды-перакладчыкі, якія ведаюць японскую мову. Турысты з Японіі пачалі ездзіць да нас, і сёння гэтыя два чалавекі нарасхват. Доўга ў нас не было спецыялістаў, якія валодалі б турэцкай мовай, – цяпер такіх пяць, – расказвае Алена Ліхімовіч. І дадае, што праблема з гідамі ў рэгіёнах сапраўды ёсць. – Таму актыўна працуем, каб прыцягнуць у прафесію тых жа выпускнікоў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Самая распаўсюджаная экскурсія, па якой атэстоўваюцца, – «Мінск – сталіца Рэспублікі Беларусь». Гэта самы прадавальны маршрут. Актыўна абараняюць тэму «Архітэктурныя помнікі Міра і Нясвіжа». Калі казаць пра ваенна-гістарычны кірунак, то папулярныя экскурсіі па Лініі Сталіна і Хатыні.

Узмацненне жорсткасці ў сферы неабходна?

Як турыст можа быць упэўнены, што заказвае паслугі прафесіянала? Ці ёсць у чалавека пасведчанне аб атэстацыі, можна праверыць на сайце bеlаrustоurіsm.bу. Там ёсць раздзел, прысвечаны гідам, дзе пазначаны іх кантактныя даныя, тэмы, якія яны абаранілі (вадзіць экскурсіі яны маюць права толькі па гэтых маршрутах). Пры сабе атэставаны спецыяліст павінен мець таксама бэйдж.

Тых, хто працуе без бэйджа або па тэме, якую не абараняў, могуць пакараць – пазбавіць пасведчання аб атэстацыі на тэрмін да года.

А вось прыцягнуць да адказнасці нелегальных гідаў (тых, хто не здаваў адпаведных экзаменаў) немагчыма – заканадаўства такога інструмента не прадугледжвае.

– Пакуль гэта больш меры выхаваўчага характару, калі прафесійныя экскурсаводы падыходзяць растлумачыць, што так нельга, ці задаюць каверзныя пытанні, каб паказаць групе, што перад імі некваліфікаваны чалавек, – дзеліцца намеснік дырэктара Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Віталь ГРЫЦЭВІЧ. – Але мы працуем над гэтым. На наступны год прадугледжана ўнясенне змяненняў у заканадаўства, магчыма, гэта будзе асобны артыкул у Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях. Як бы мы цяпер ні імкнуліся да лібералізацыі, напэўна, у дадзенай сферы ўзмацненне жорсткасці неабходна. Будзем рабіць правілы вядзення экскурсій на тэрыторыі Беларусі больш строгімі. Акрамя таго, што нелегальны экскурсавод займаецца незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю, ён яшчэ і няправільна даносіць інфармацыю.

Змены спрабавалі ўнесці яшчэ летась. Але ўсё скончылася на ўзроўні абмеркавання: спецыялісты іншых устаноў палічылі, што парушэнні не носяць масавага характару.

– Напэўна, яны крыху недаацэньваюць гэтай небяспекі, – мяркуе Віталь Грыцэвіч. – Хоць з майго пункту гледжання, гэта не меншая праблема, чым незаконны гандаль каля крамы. Там магчыма атручэнне, бо невядома, што за тавар. А ў нашай сітуацыі ёсць рызыка «атручэння мозга», і гэта трэба папярэджваць. Думаю, налета зможам пераканаць іншыя органы, што неабходны асобны артыкул па дзейнасці экскурсаводаў.

Пасля ўвядзення бязвізавага рэжыму вырас паток турыстаў у Брэсцкую і Гродзенскую вобласці. Часта палякі і літоўцы прыязджаюць да нас са сваімі экскурсаводамі.

– Даволі складана праверыць, што яны расказваюць, – звяртае ўвагу на яшчэ адну праблему прадстаўнік Міністэрства. – Пагадзіцеся, у нас рознае бачанне гісторыі. Вядома, гід, які прыехаў з групай з-за мяжы, можа вадзіць у нас экскурсію, але для гэтага ён павінен тут прайсці атэстацыю па канкрэтным маршруце.

Але ж, як паказвае практыка, некампетэнтнымі часам аказваюцца і атэставаныя гіды. Ці правярае хто-небудзь іх дзейнасць пасля атэстацыі, у «палях»? Можа, запускаюць «таемнага пакупніка», каб ён паслухаў, што расказваецца групе? Віталь Грыцэвіч адказвае, што не, такой работы не вядзецца.

– На мой погляд, практыка, стаўленне спажыўца пакажуць, наколькі той ці іншы экскурсавод добры. Калі ён непрафесіянал, то праз некалькі месяцаў пойдуць чуткі, што з ім працаваць нецікава, і турфірмы самі адмовяцца ад яго паслуг. І ўсё – чалавек застанецца без работы. Любая скарга турыста – пляма на рэпутацыі. Рынак сам адсякае неспецыялістаў.

На думку старшыні Беларускага грамадскага аб»яднання экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Мікалая ЧЫРСКАГА, ёсць праблема з падрыхтоўкай кадраў. Напрыклад, каледжы выпускаюць спецыялістаў з кваліфікацыяй «Турагент. Экскурсавод». Але ж гэта дзве зусім розныя прафесіі, слушна заўважае эксперт.

Каб абараніць рынак паслуг ад непрафесіяналаў, Мікалай Чырскі прапануе ўнесці ў Грамадзянскі кодэкс два артыкулы. Першы – аб тым, што нельга праводзіць экскурсію на тэрыторыі Беларусі без нагруднага знака-індыфікатара, які пацвярджае права правядзення экскурсіі на аб'ектах паказу і выдаецца Міністэрствам спорту і турызму. Другі – пра тое, што гіды могуць рэкламаваць сябе ў СМІ ці інтэрнэце толькі з указаннем тэм, па якіх яны атэставаныя. За парушэнне прапануецца ўвесці штрафныя санкцыі – ад 50 да 100 базавых велічынь.

За мяжой у некаторых музеях суправаджаць турыстычныя групы маюць права толькі супрацоўнікі гэтых устаноў. Мікалай Чырскі кажа, што гэта нармальная практыка.

– Калі староннія гіды хочуць праводзіць экскурсіі па музеях, яны павінны там акрэдытавацца. Так дзейнічаюць і ў некаторых нашых установах: музейныя работнікі прымаюць тэкст экскурсіі і тады даюць дазвол.

Ці не абмяжоўвае гэта свабоду гідаў? Эксперт лічыць такі строгі падыход апраўданым.

– Прапаганда – важная частка ідэалогіі дзяржавы. А экскурсавод – гэта прапагандыст. На падставе таго, як ён выглядае, як і што гаворыць, складаецца ўражанне аб нашай краіне.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ, «Звязда», 9 лістапада 2018 г.