/ / Общественно-политические
19.12.2023

Што прадугледжана «ўказам для дачнікаў» у сферы землекарыстання

Гаспадары зямельных участкаў у садаводчых таварыствах (СТ), якія не аформілі на іх дакументы, што сведчаць пра права ўладання, павінны зрабіць гэта цягам трох гадоў, інакш надзел могуць і канфіскаваць. Зменены падыходы да парадку фарміравання памераў членскіх узносаў у таварыствах і дадзена магчымасць перадаваць электрасеткі СТ у дзяржуласнасць. Шэраг удакладненняў з’явіўся і ў сферы землекарыстання і абыходжання з адходамі на тэрыторыі таварыстваў. Новаўвядзенні, прадугледжаныя Указам Прэзідэнта № 155 «О садоводческих товариществах», уступілі ў сілу 2 снежня. Пра некаторыя асаблівасці па гаспадаранні на сваіх участках і ў межах агульнай уласнасці таварыства расказаў Максім Тарасаў, начальнік упраўлення рэгулявання обыходжання з адходамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Земельные вопросы

У частцы абыходжання з адходамі, напрыклад, было ўстаноўлена, што на тэрыторыі таварыстваў у агульнадаступных месцах павінны быць абсталяваны месцы для часовага захоўвання камунальных адходаў, якія можна бесперашкодна вывезці з тэрыторыі, а самі члены таварыстваў павінны беражліва ставіцца не толькі да аб’ектаў таварыства, але і прыроднага асяроддзя вакол яго, сцвярджае прадстаўнік Мінпрыроды:

– Ва ўказе, напрыклад, вызначана, што ў СТ павінна быць створана адна кантэйнерная пляцоўка на кожныя 70 і менш участкаў. А таксама адзін кантэйнер для змешаных адходаў на 30 і меней участкаў. У кожным таварыстве таксама павінен быць як мінімум адзін кантэйнер для збору другаснай матэрыяльнай сыравіны.

Для збору раслінных адходаў (лістоты, галін, травы, кустоў) і пры наяўнасці дагавора на кампаставанне ствараецца пляцоўка плошчай не менш за 6 м2, якая з трох бакоў закрываецца агароджай вышынёй не менш як паўметра, і ставіцца кантэйнер аб’ёмам не больш чым 6 м3. Кампаставаць адходы члены СТ могуць і на сваіх участках.

Для збору буйнапамерных адходаў і смецця, якое ствараецца ў выніку будаўнічай дзейнасці, выкарыстоўваюцца спецыяльныя кантэйнеры-бункеры, кантэйнеры пад мультыліфт аб’ёмам звыш 6000 літраў ці абсталёўваюцца пляцоўкі.

У дакуменце адзначаецца, што на зямельных участках не дапускаецца мыць аўто і іншыя транспартныя сродкі, зліваць гаспадарча-бытавыя сцёкавыя воды, вадкія камунальныя адходы.

– Для мойкі аўто ў нас ёсць стацыянарныя мыйкі, – падкрэсліў Максім Тарасаў. – Нават калі вы мыеце машыну ў сваім двары, вы можаце забрудзіць і глебу, і грунтавыя воды, якія цякуць не толькі пад канкрэтным участкам. У выніку гэта можа прывесці да забруджвання вады ваданоснага гарызонту і тым самым забрудзіць ваду ў артэзіянскіх свідравінах і шахтавых калодзежах.

Увогуле, усе пытанні абыходжання з адходамі былі прыведзены ў адпаведнасць з палажэннямі ТКП 17.11-08-2020 «Ахова навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання. Адходы. Правілы абыходжання з камунальнымі адходамі», які зацверджаны пастановай Міністэрства ЖКГ і Мінпрыроды ад 30 чэрвеня 2020-га № 13/4-Т. Але іх вытрымліванне залежыць ад саміх людзей і іх сумленнага стаўлення да жыцця і прыроды.

Ірына Сідарок, « Звязда», 19 снежня 2023 г.