/ / / / / [III-я] Ўстаўная грамата Рады Беларускай Народнай Рэспублікі за 25.03.1918

[III-я] Ўстаўная грамата Рады Беларускай Народнай Рэспублікі за 25.03.1918

[III-я] Ўстаўная грамата Рады Беларускай Народнай Рэспублікі за 25.03.1918

УСТАУНАЯ ГРАМАТА РАДЫ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ.

Год назад народы Беларусі разам з народамі Расіі скінулі ярмо Расейскаго царызму, які найцяжэй прыціснуу быу Беларусь; ні пытаючыся народу, ен укінуу наш край у пажар вайны, якая чыста зруйнавала гарады і вескі беларускіе.

Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднаго краю апошняе ярмо дзяржаунай залежнасьці, якое гвалтам накінулі расійскія цары на наш вольны і нізалежны край.

Ад гэтаго часу Беларуская Народная Рэспубліка абвешчаецца Незалежнай і Вольнай Дзяржавай. Самі народы Беларусі, у асобі свайго Устаноучаго Сойму, пастановяць аб будучых дзяржауных зьвязях Беларусі.

На моцы гэтаго трацяць сілу усе старыя дзяржауныя зьвязі, якія далі магчымасьць чужому ураду падпісаць і за Беларусь трактат у Берэсьці, што забівае на сьмерць беларускі народ, дзелючы зямлю яго на часткі.

На моцы гэтаго урад Беларускай Народнай Рэспублікі мае увайсці у адносіны з зацікауленымі старанамі, прапануючы ім перагледзіць тую часьціну Берэсьцейскаго Трактату, якая датычыць Беларусі, і падпісаць міравую умову з усімі ваеваушымі дзяржавамі.

Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічбенную перавагу беларускі народ, а ласьне: Магілеушчыну, беларускія часьці Меншчыны, Гродзеншчыны (з Гроднай, Беластокам і інш.), Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігоушчыны і сумежныя часьці суседніх губерняу, заселеныя беларусамі.

Беларуская Народная Рэспубліка падцьверджывае усе тыя правы і вольнасьці грамадзян і народау Беларусі, якія абвешчаны Устауной Гра-матай ад 9-га сакавіка 1918 году.

Абвешчаючы аб нізалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада яе пакладае свае надзеі на тое, што усе любячые волю народы дапамогуць беларускаму народу у поунай меры здейсьніць яго палітычна-дзяржауные ідэалы.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі.

Дана у Менску-Беларускім
25 сакавіка 1918 году.
582.2.02:002с — д бел1 
582.2.02.002b — д рас1 
582.2.10:011—012 — д бел/рас1 
582.2.12:007 — мк2 
582.2.19:010 — фк3 
582.2.19:011 — фк3 
582.2.19:012 — фк3 
582.2.37:005&r — рк4 
582.2.51:056&r — рк5 
582.2.10:013 — д6

1 Улётка, друкаваная ў бабруйскай друкарні Вальфсона, сакавік 1918.

2 Копія, зробленая ў Вайскова-Дыпляматычнай Місіі БНР у Латвіі й Эстоніі, Рыга, 1920.

3 Фатакопія з збораў Я. Варонкі.

4 Рукапісная копія для перакладу на французскую мову, беларуская дэлегацыя на Парыжскай мірнай канфэрэнцыі, 1919. 

5 Рукапісная копія В. Ластоўскага, Рыга, 1920.

б Улётка, друкаваная ў гонар 3-й гадавіны Незалежнасьці, Коўна, 1921.

***

Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі: Фонд N 582 Дзяржаўнага Архіву Літвы («Рада Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі») / Беларускі інстытут навукі й мастацтва, Таварыства беларускага пісьменства «Наша ніва»; Уклад.: Сяргей Шупа (уклад., падрыхтоўка тэксту, камент., пер.).- Вільня, Нью-Ёрк, Менск, Прага, 1998.

Т.1, кн. 1.- 1998.- С. 62—63.