Першая Устаўная Грамата Да народаў Беларусі

ПЕРШАЯ УСТАЎНАЯ ГРАМАТА
Да народаў Беларусі

Родная старонка наша апынулася ў новым цяжкім стане. Дзе цяпер улада, што была тут, няведама, мы стаімо перад тым, што наш край можа быць заняты нямецкімі войскамі. Мы павінны ўзяць свой лес ва ўласныя рукі. Беларускі народ павінен зьдзейсьніць сваё права на поўнае самаазначэньне, а нацыянальныя меншасьці на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію. Правы нацыі павінны знайсьці сваё зьдзейсьненьне шляхам скліканьня на дэмакратычных асновах Устаноўчага Сойму. Але і да скліканьня Устанаўчага Сойму ўся ўлада на Беларусі павінна належыць тым народам, якія на ёй жывуць. Выканаўчы К-т Рады першага Усебеларускага Зьезду, папоўнены прадстаўнікамі рэвалюцыйнай дэмакратыі нацыянальных меншасьцяў, зьдзяйсьняючы мэты Зьезду, абвяшчае сябе часовай уладай на Беларусі для кіраваньня краем і скліканьня, як можна хутчэй, Усебеларускага Устаноучага Сойму на аснове агульнага, простага, роўнага, тайнага і прапарцыянальнага выбарчага права для ўсякага дарослага, ня лічучыся з нацыянальнасьцю, вызьнаньнем і родам. Часовую народную ўладу краю, якая ставіць сабе мэтай абарону і зацьверджаньне заваяваньняў рэвалюцыі, будзе зьдзейсьняваць створаны намі Народны Сакратарыят Беларусі, які ад гэтага дня пачаў выконваць свае абавязкі. Пэрсанальны склад Сакратарыяту будзе апублікаваны пасьля.

Дадзена ў Менску-Беларускім 21 (8) лютага 1918 г. 

Выканаўчы Камітэт Рады Усебеларускага Зьезду.

***

За Дзяржаўную Незалежнасць Беларусі (for national independence of Byelorussia): дакументы і матэр’ялы / сабраў і падрыхтаваў І. Касяк; прагледзеў і апрабаваў на друку Р. Астроўскі. — Лёндан, Англія: Выданьне Беларускай Цэнтральнай Рады, 1960. — С. 21.

Вішнеўскі, А. Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах (Са старажытных часоў да нашых дзён): вучэбны дапаможнік / А. Ф. Вішнеўскі, Я. А. Юхо; пад рэд. А. Ф. Вішнеўскага; Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Акадзмія МУС. — Мінск, 2003. — С. 201.